Алесь (Аляксандр Уладзіміравіч) Пісьмянкоў нарадзіўся 25 лютага 1957 г. у вёсцы Іванаўка Касцюковіцкага раёну Магілёўскай вобласці, у сям’і рабочага Уладзіміра Сямёнавіча і медыцынскай сястры Марыі Сямёнаўны Пісьмянковых.
У 1964 Алесь Пісьмянкоў паступіў у Бялынкавіцкую сярэднюю школу. Першы верш паэта-пачаткоўца быў апублікаваны ў 1972 у касцюковіцкай раённай газеце "Сцяг камунізму". У 1974–1975 гг. Алесь Пісьмянкоў працаваў карэспандэнтам касцюковіцкай раённай газеты "Сцяг камунізму". У 1975 годзе паступіў на беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля заканчэння ўніверсітэта, у 1980 годзе, Пісьмянкову пашанцавала застацца ў Мінску.
Атрымаўшы дыплом аб вышэйшай адукацыі, у 1980–1982 працаваў карэспандэнтам у аддзеле крытыкі і бібліяграфіі газеты "Літаратура і мастацтва". З 1982 – рэдактар аддзела навукі і мастацтва часопіса "Полымя". 3 1990 намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі. Пасля вярнуўся ў "Полымя" намеснікам галоўнага рэдактара, каб пазней зноў перайсці ў "ЛіМ", цяпер ужо галоўным рэдактарам. Апошнім часам узначальваў рэдакцыю гумарыстычна-сатырычнага часопіса "Вожык".
Пасля першага зборніка паэзіі "Белы Камень" (1983) выйшлі кнігі "Чытаю зоры" (1988), "Планіда" (1994), вершы для дзяцей "Заўзятары" (1993) і "Ласуны-веселуны" (1996), "Журавель над студняй" (1998), "Я не памру, пакуль люблю..." (2000, выбранае). Лірык па характары, А. Пісьмянкоў заставаўся лірыкам і ў паэзіі, але лірыкам, якому не чужой была і філасофія.
Назвай апошняй кнігі і многімі вершамі-разважаннямі пра жыццё і смерць Алесь Пісьмянкоў нібы напрарочыў сваё ранняе развітанне са светам. Хворае сэрца паэта не вытрымала, і на працоўным месцы ад сардэчнага прыступу 23 красавіка 2004 года Алесь Пісьмянкоў раптоўна памёр.
Пахаваны Алесь Пісьмянкоў на Кальварыйскіх могілках у Мінску.