Відэаакцыя па папулярызацыі беларускай мовы і літаратуры "Гучы, роднае слова!" - гэта цыкл відэавершаў і відэазнаёмстваў з народнай творчасцю, з творамі беларускіх пісьменнікаў, паэтаў-юбіляраў, а таксама Лёзненскіх самадзейных аўтараў на роднай мове.
21 лютага - Міжнародны дзень роднай мовы.
Прапануем Вашай увазе паэтычную хвіліну "Беларуская мова – мелодыя сэрца" ў рамках літаратурнай відэаакцыі "Гучы, роднае слова!"
Верш Аляксея Зарыцкага чытае Аксана Кажэрава.
Мова
Мова,
Пявучая родная мова,
Ты – уладарка нявызнаных скарбаў.
Столькі значэнняў, гучанняў і фарбаў
Мае ў сабе тваё кожнае слова.
Іншае слова напоўнена плёскам
Хвалі дняпроўскай.
Іншае слова такое,
Што рэха лясное
У яго глыбінях затоена.
Ёсць і як мёд залатое, густое,
На травах яно духмяных настоена.
Ціха гучаць у мове маёй
Словы пяшчотныя,
Словы крынічныя,
Росныя.
Чуюцца ў ёй –
І грымотныя,
Зычныя.
Водгулле бітваў грознае.
Часам бывае – заззяе неспадзявана
Новаю зоркаю слова-абнова.
Колькі ў табе нявызнаных скарбаў схавана,
Мова мая,
Пявучая родная мова.
(Аляксей Зарыцкі)
Количество просмотров:
Вернуться в раздел Літаратурная відэаакцыя "Гучы, роднае слова!"