Пятро Васючэнка - беларускі літаратуразнаўца, крытык, празаік, драматург, эсэіст, казачнік і аўтар фэнтэзі. Нарадзіўся 15 лютага 1959 года ў Полацку.
Скончыў факультэт журналістыкі БДУ (1981), аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы НАНБ (1984). Кандыдат філалагічных навук (1983). У 1984—1997 працаваў малодшым, потым старшым навуковым супрацоўнікам у Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы НАНБ. З 1997 — загадчык кафедры беларускай мовы і літаратуры Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта. Член Саюза беларускіх пісьменнікаў.
Аўтар кніг прозы «Белы мурашнік» (1993), «Жылі-былі паны Кубліцкі ды Заблоцкі» (1997), «Прыгоды аднаго губашлёпа» (1999), «Адлюстраванне першатвора» (2004), экалагічнай казкі «Каляровая затока» (2008), зборніка п’ес «Маленькі збраяносец» (1999), кнігі паэзіі «Піраміда Ліннея» (2008) і інш. Творы П. Васючэнкі перакладаліся на англійскую, балгарскую, нямецкую, польскую, рускую, славацкую і чэшскую мовы.
Пастаноўкі на яго творы рабіліся ў сталічным Тэатры юнага гледача, маладзечанскім Тэатры лялек і іншых тэатрах краіны.
Удзельнік навуковых канферэнцый і літаратурных фестываляў за мяжой (Беласток, Брно, Варшава, Кракаў, Люблін, Масква, Прэшаў і інш.).
Лаўрэат літаратурных прэмій «Гліняны Вялес» (2003) і «Блакітны свін» (2010) «За стварэнне новай беларускай міфалогіі».
Количество просмотров:
Вернуться в раздел ЛЮТЫ