23 красавіка 1886 года на Лагойшчыне, у невялікай вёсачцы Пасадзец, у яўрэйскай сям’і нарадзіўся Самуіл Плаўнік – вядомы нам як Змітрок Бядуля. Бацька яго быў арандатарам, дробным гандляром, любіў музыку, граў на скрыпцы, а маці Хана — швачкай, якая спецыялізавалася на галаўных уборах. Дзед, адзіны ў мястэчку каваль і меднік, меў уласную бібліятэку. Плаўнікі жылі ў вялікай хаце-пяцісценцы, побач пралягаў ажыўлены тракт, па якім ішлі абозы і вазы з грузамі.
Хлопчык вучыўся ў пачатковай яўрэйскай школе — хедары, у школе рабінаў — ешыбоце. Ведаў іўрыт, ідыш, нямецкую, беларускую, рускую і польскую мовы. Нейкі час працаваў хатнім настаўнікам іўрыту. І няхай жаданне бацькоў практыкаваць агульныя малітвы не выканаў, але з ідэальным веданнем і іўрыта, і ідыша перакладаў свае беларускія сачыненні.
У той час ідыш быў адной з чатырох дзяржаўных моў Беларусі. На ім кругласутачна гаварыла трэцяя частка насельніцтва краіны. Яшчэ хлопчыкам складаў вершы на іўрыце, але пачаткам яго літаратурнай дзейнасці лічыцца 1907 год, калі ён пачаў пісаць вершы на рускай мове і пасылаць іх у пецярбургскія часопісы. Там вершы хвалілі, але не друкавалі.
Першы мастацкі твор Змітрака Бядулі ўбачыў свет у газеце “Наша Ніва” ў 1910 годзе. Гэта была імпрэсія на беларускай мове “Пяюць начлежнікі”. Пісаў замалёўкі ў першыя і галоўныя айчынныя газеты, перакладаў з украінскай мовы Тараса Шаўчэнку, а з яўрэйскай – лепшых на той час пісьменнікаў.
У 1912 годзе пісьменнік пераехаў у Вільню, працаваў у канторы лесапрамыслоўца, затым у рэдакцыі “Нашай Нівы”, дзе і пасябраваў у 1913 годзе з Купалам. Пісьменнікі нават кватаравалі на другім паверсе рэдакцыі. Жылі сціпла. Вячэралі капеечнымі “абрэзкамі” у калбаснай краме і хлебам. Гарачыя стравы елі рэдка, бо на гэта не хапала грошай. Часам на абед ці вячэру запрашала да сябе маладых літаратараў беларуская пісьменніца Цётка. На яе кватэры за сталом адбываліся літаратурныя сустрэчы, таварыскія вечары.
Змітрок Бядуля шчыра захапляўся хараством роднай краіны, быў вялікім патрыётам і аптымістам. Заўсёды і ва ўсім шукаў радасць. Ён славіўся і як чалавек вельмі працавіты. Не ўставаў з-за стала, пакуль не скончыць работу. Апавяданні, напісаныя Змітраком Бядулем у тыя гады, сталі класікай беларускай літаратуры. Ён друкаваўся пад псеўданімамі Ясакар, Ярыла Паўстанец, Сымон Тутэйшы.
Вялікай падзеяй у 1913 годзе стаў выхад кнігі пісьменніка “Абразкі”. Па мерках таго часу, аднавясковец, які прабіўся на літаратурны Парнас, друкаваўся ў віленскай “Нашай Ніве”, быў сапраўднай зоркай. Змітрок Бядуля вельмі любіў сустракацца з зямлякамі. Падабалася яму не толькі чытаць свае вершы перад імі, але і цікавіцца апошнімі навінамі з жыцця мястэчка. Сярэдняга целаскладу і росту, ахайна апрануты, з курчавымі валасамі, Змітрок Бядуля меў талент зачароўваць суразмоўцаў гутаркай, аздабляючы яе вясёлымі гісторыямі.
У 1915 годзе “Наша Ніва” была закрыта, бо да Вільні набліжаўся фронт Першай сусветнай вайны. Пісьменнік спачатку вярнуўся ў родны Пасадзец, а потым пераехаў у Мінск. Тут у 1916 годзе адбылася першая сустрэча і пачалося сяброўства Бядулі з Максімам Багдановічам. Змітрок Бядуля быў міласэрным, добразычлівым, чулым чалавекам. Разам са сваімі сёстрамі ён даглядаў хворага Багдановіча.
У Мінску пісьменнік уключыўся ў працу Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. У горадзе было многа бежанцаў з-пад Гродна, Ваўкавыска, Вільні. Большасць бежанцаў не мела і кавалка хлеба, іх трэба было накарміць, абагрэць. Грошай не хапала. Бядуля быў забеспячэнцам, даставаў прадукты. У гэты час таксама пісаў нарысы і мастацкія творы аб вайне: “Вайна” (1914 г.), “… І сотнямі тысяч…” (1915 г.), “Сухавеі” (1917 г.). У 1935 годзе была апублікавана яго аповесць “Набліжэнне”, дзе аўтар расказвае пра беды і пакуты людзей, якія прынесла на беларускую зямлю Першая сусветная вайна.
Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі Змітрок Бядуля некалькі гадоў працаваў у газеце “Савецкая Беларусь”, быў рэдактарам дзіцячага часопіса “Зоркі”. У 1926 годзе пачаў працаваць у Інстытуце беларускай культуры, рэдагаваў краязнаўча-этнаграфічны часопіс “Наш край”. Уваходзіў у літаратурнае аб’яднанне “Маладняк”, пасля – ва “Узвышша”. Член Саюзапісьменніков СССР з 1934 года.
Сапраўднай класікай у гісторыі беларускай літаратуры сталі апавяданні Змітрака Бядулі: “Пяць лыжак заціркі”, “Малыя дрывасекі”, “Велікодныя яйкі”, “На Каляды к сыну”, якія ўвайшлі ў першую кнігу “На зачараваных гонях” (1926). У 1928 годзе выходзіць апавяданне “Салавей”, у 1929-1932 гадах – двухтомны раман “Язэп Крушынскі”. З’яўляюцца і дзіцячыя кнігі “Качачка-цацачка” (1927), “Вясной” (1928), “Гаспадарка (1930), “Мурашка-Палашка” (1939), “Люцік” (1940), “Хлопчык з-пад Гродна” (1940). Шмат твораў і зборнікаў выйшла пасля смерці пісьменніка і ў пасляваенныя гады: “Апавяданні” (1947), “Мае забавы” (1949), “Сярэбраная табакерка” (1958) і іншыя.
Сваю літаратурную дзейнасць Бядуля працягваў і на тэатральных падмостках. Ён адным з першых стаў прафесіянальным тэатральным крытыкам Беларусі. У 1939 годзе сусветную публіку чакаў першы беларускі балет “Салавей”. Ён быў створаны па матывах аднаіменнай аповесці Змітрака Бядулі. Балет ставілі кругласутачна, вельмі спяшаліся. Прэм’еру правялі ў Адэсе з ашаламляльным поспехам 5 лістапада. Менавіта, гэтая дата і стала днём нараджэння нацыянальнага балета.
У чэрвені 1941 года Вялікая Айчынная вайна застала сям’ю Бядулі знянацку. У той час Самуіл Яфімавіч знаходзіўся ў камандзіроўцы ў Хойніцкім раёне. У Мінску была эвакуацыя, і Марыю Ісакаўну, жонку пісьменніка, разам з дзецьмі адправілі цягніком на Усход. З сям’ёй Змітрок Бядуля сустрэўся толькі ў вёсцы Старыя Бурасы Саратаўскай вобласці. Цягнік ішоў на Казахстан. Аднойчы ён спыніўся на станцыі Семіглавы Арол, што за 12 кіламетраў ад горада Уральска. І ў гэты час у Бядулі зашчыміла хворае сэрца. Пахавалі пісьменніка ва Уральску. Працэсію дапамагла арганізаваць трупа Віцебскага коласаўскага тэатра, які ў той час знаходзіўся ў горадзе з гастролямі.
У гонар Змітрака Бядулі названы вуліца і плошча ў Мінску, Віцебску і Жабінцы. І што цікава, у Жабінцы яна не мае цотнай нумарацыі дамоў.
У свой час ішла гаворка пра тое, каб перапахаваць класіка на радзіме. Шмат намаганняў прыклала Беларусь, каб прах Змітрака Бядулі вярнуўся на радзіму. Шэсць спроб былі няўдалымі з-за бюракратычных працэдур. І вось 3 лістапада 2020 года знакамітага пісьменніка айчыннай літаратуры Змітрака Бядулю перапахавалі ў Мінску на Усходніх могілках.